i=1111
15 снежня адбудзецца ўрачыстая цырымонія перадачы факсімільнага выдання Слуцкага Евангелля ў дар Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі і бібліятэкам краіны.

Слуцкае Евангелле – унікальны беларускі рукапісны помнік канца XVI ст., адна з найвялікшых праваслаўных святынь Беларусі. Рукапіс быў створаны ў Слуцку ў 1581 г. і лічыцца ўласнаручным творам слуцкага князя Юрыя Алелькавіча. Да 1917 г. Евангелле захоўвалася ў Свята-Троіцкім мужчынскім манастыры, пасля рэвалюцыі трапіла ў Мінскі дзяржаўны музей, а ў 1929 г. яно было перададзена на захаванне ў Беларускі дзяржаўны музей у Магілёве. На пачатку Вялікай Айчыннай вайны рукапіс разам з іншымі экспанатамі, у тым ліку крыжам Еўфрасінні Полацкай, быў страчаны. Некалькі гадоў назад Слуцкае Евангелле было перададзена адным з праваслаўных святароў у Беларускі Экзархат, дзе зараз і захоўваецца.

У 2005 г. па благаславенні Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі ў супрацоўніцтве з Інстытутам мовы імя Я. Коласа НАН Беларусі пачалася работа над стварэннем электроннай версіі рукапісу. Вынікам работы стала выданне ў 2008 г. CD-дыска "Слуцкае Евангелле – беларускі рукапіс XVI ст."

У 2009 г. прэзiдэнт Лукашэнка падтрымаў праект факсiмiльнага выдання Слуцкай святынi. Была забяспечана яго фiнансавая падтрымка з боку дзяржавы. Выдавецтва Беларускага Экзархата падрыхтавала і выпусціла ў свет факсімільнае выданне Слуцкага Евангелля. Яно ўяўляе практычна дакладную копію рукапіснага помніка. Па ўзроўнi выканання выданне не мае аналагаў у Беларусі. Першы яго экзэмпляр у верасні 2009 г. быў перададзены прэзідэнтам Беларусi ў дар Свяцейшаму Патрыярху Маскоўскаму і ўсяе Русі Кірылу.

Падчас урачыстага мерапрыемства па благаславенні Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, факсімільнае выданне Слуцкага Евангелля будзе перададзена Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Уладальнікамі каштоўнага выдання стануць таксама іншыя бібліятэкі краіны.

У ходзе мерапрыемства будзе дэманстравацца фільм аб Рэспубліканскай духоўна-асветніцкай праграме "Сям’я – Яднанне – Айчына". Гасцей чакае музычна-тэатралізаванае прадстаўленне-дэманстрацыя Слуцкага Евангелля ў выкананні Камернага духоўнага тэатра Цэнтра праваслаўнай культуры "Спадарожнік хрысціяніна" і выступленне вядомага вакальнага мужчынскага ансамбля "Благовест" Выдавецтва Беларускага Экзархата.



Комментарии: (0)   Рейтинг: