i=699
У інтэрв’ю Еўрарадыё вядомы фатограф распавёў, чым яго кніга “Паганства” напужала літоўскіх друкароў, чаму ён сам баіцца язычніцкіх рытуалаў, а таксама расказаў, дзе ў Беларусі можна знайсці сапраўдныя старажытныя абрады.

На пачатку кастрычніка пабачыла свет кнiга Андрэя Лянкевiча “Паганства”, якая была надрукаваная ў Літве. Яе прэзентацыя адбудзецца ў Мінску ў бліжэйшы час .

Паганства мае тысячагадовыя карані, але пра іх мала што вядома, лічыць Андрэй Лянкевіч. Пры дапамозе фатаграфіі ён вырашыў паказаць паганскія традыцыі і звычаі, якія да гэтага часу жывыя ў Беларусі.


Еўрарадыё: Як паўстала задума зрабіць гэтую кнігу?

Андрэй Лянкевіч: Я лічу, што ў Беларусі ўвогуле мала альбомаў, а такіх журналісцкіх зусім няма. Таму мне захацелася адразу рабіць не фотарэпартаж, а цэлую кнігу. Шэсць гадоў таму я ўпершыню ўбачыў проста геніяльны рэпартаж жывога класіка беларускай фатаграфіі Анатоля Клешчука з газеты “Звязда”, дзе ён зрабіў фатаграфіі пра паганскі абрад "жаніцьба коміна" – гэта традыцыі, якія захаваліся на Палессі. Я быў проста шакаваны, што да гэтага часу пра гэтыя традыцыі, якім тысячы гадоў, ніхто не ведае. І калі яны пачаліся, ніхто не можа нават прыблізна сказаць. І спевы, якія захаваліся, і людзі, якія разумеюць і адчуваюць, што яны робяць і чаму. Гэта не проста набор слоў альбо мелодыі, якія трэба спяваць, гэта нейкая ўнутраная энергія, яна шмат што значыць.

Еўрарадыё: А чаму, на ваш погляд, у некаторых вёсках гэтыя традыцыі зусім зніклі, а ў некаторых захаваліся? Дзе Вы знайшлі гэтых людзей, якія практыкуюць паганства да нашых часоў?

Андрэй Лянкевіч: Мне пашчасціла. Я не сам шукаў людзей, я працаваў з Ірынай Мазюк – знакамітай жанчынай, якая займаецца тэматыкай народных традыцый. Яна рабіла даследаванні і шукала, у якіх вёсках гэта ўсё захавалася. Большасць традыцый, якія мы знайшлі і фатаграфавалі – гэта Палессе. Гэта татальная ізаляцыя, багны і лясы. Не ведаю, на колькі праўда, але ёсць такая тэорыя, што на нашае Палессе засялялі ўсякіх бабулек, знахарак, шаптух з усяго Савецкага Саюза. Вось і атрымалася там такая рэзервацыя. Але не ведаю, ці гэта праўда.


Еўрарадыё: Ці жывая ў нас культура паганства?

Андрэй Лянкевіч: Я стаўлюся да паганства не як да рэлігіі, а як да светапогляду, своеасаблівага стаўлення да прыроды, стаўлення да наваколля, якое значыць павагу. Але не толькі павагу, а існаванне ў татальнай гармоніі. Гэта змена, але не змена плыняў рэк, не высячэнне лясоў для будаўніцтва новых дамоў, а змена такая, каб нікому не нашкодзіць, каб мы ўсе разам змаглі жыць і існаваць на гэтай зямлі.

Таму для мяне паганства – стыль жыцця, не агрэсіўны, не капіталістычны, такі па-добраму дурны. Ну і што, што мы людзі на Зямлі, у нас ёсць розум, мы маем рукі і ногі, камп’ютары і фэйсбукі, можам усё рабіць – гэта ўсе фігня. Калі не будзе паветра, то мы ўсе разам возьмем і памрэм.

Еўрарадыё: Як вам удаецца з бабулямі, якія, напэўна, адчуваюць сябе вельмі няёмка перад чужынцамі, знайсці свае месца і так нябачна фатаграфаваць іх і іх абрады. Ці не супраць яны? Як выглядае ваша праца?

Андрэй Лянкевіч: Ну па-першае, прыезд за некалькі дзён да пачатку фотаздымкаў. Самагон, размовы. І ўсё. Бачыце, самае галоўнае, каб людзі адчулі, што я прыехаў з добрымі намерамі, што я разумею, пра што ідзе гаворка, я разумею, чаму яны гэта робяць, і што я не прыехаў як гарадскі паглядзець на дзікіх з вёскі. Трэба паказаць ім, што я такі самы, як яны – гэта павага ў першую чаргу. Вось тое, што я казаў адносна паганства. З першага погляду трэба даць ім зразумець, хто ты і што не будзеш шкодзіць.



Еўрарадыё: А вам палескія бабулі не прапаноўвалі паваражыць разам ці паўдзельнічаць у паганскіх абрадах?

Андрэй Лянкевіч: Пасля выставы ў "Падземцы", якая адбылася недзе год таму, мне патэлефанаваў адзін чалавек. У нас з ім была вельмі дзіўная размова. Пасля гэтага ён мне падараваў ручнік, і я да гэтага моманту не ведаю, што з ім рабіць. Ён прапаноўваў паўдзельнічаць у абрадах паганства, з удзелам сапраўдных магічных асоб. Але я трошкі баюся, бо разумею, наколькі моцная гэта энергія, і да таго ж разумею, што не гатовы ў гэта ўвайсці. Таму і не ператэлефанаваў яму!

Еўрарадыё: Ваш альбом чорна-белы. Вы, калі ехалі ў гэту вёску, адразу ведалі, што будзеце яго рабіць менавіта такім?

Андрэй Лянкевіч: Менавіта, у мяне была стужка, сярэдні фармат, квадратныя кадры. Для кожнай тэмы ты выбіраеш мову, якой будзеш распавядаць. Распавяду вам такую цікавую штуку пра кнігу “Паганства”, прэзентацыя якой пакуль не адбылася ў Мінску. Калі чапаеш нешта такое незразумелае, моцнае, магічнае, усё адразу пачынае вакол цябе скакаць.
Мы вельмі доўга змагаліся за вокладку, таму што на вокладцы фатаграфія жанчыны. І дызайнер Сяргей Шабохін дадаў фантастычную штуку – дадаў срэбра. Калі глядзець на вокладку проста, тады бачна твар. А калі пачынаеш яе трошкі рушыць улева ці ўправа, то твар знікае і атрымоўваецца такая смерць, чорная жанчына з белым тварам. А людзі ў друкарні, калі пачалі яе друкаваць, спынілі працу. Яны сказалі мне, што нібыта ёсць праблема і так нельга рабіць, калі не бачна твару.
Спужаліся!

Еўрарадыё: Але, як мы бачым, працу скончылі, кніга надрукавана. Усе жывыя! Кнігі яшчэ ў руках не трымалі, але на сайце znyata.com ёсць яе фота, на якім твара акурат і не бачна. Дарэчы, Вы заяўлялі пра тэму для наступнай кнігі. Гэта беларусы ў Польшчы. Што гэта за людзі? Палітыкі, грамадскія дзеячы альбо таксама простыя бабулі з вёсак?

Андрэй Лянкевіч: Не, у гэтым сэнсе я адышоў ад палітыкі і апазіцыі і фатаграфаваў звычайных беларусаў: ад самых знакамітых, як Сакрат Яновіч, да вельмі простых і невядомых, звычайных людзей з вёсак. Проста мне было цікава паглядзець, як яны жывуць, што робяць, што адбываецца ў Польшчы. І аказалася, што я адкрыў для сябе цэлую беларускую цывілізацыю – беларускамоўную, беларускакультурную. Вось пра іх кніга будзе каляровая і вясёлая!

Комментарии: (0)   Рейтинг: