i=1169
7 студзеня ёй споўнілася бы 26 гадоў… Сьпявачка, журналістка і проста жыцьцярадасная дзяўчына нечакана для ўсіх пайшла ў іншы сьвет. 7 сьнежня памерла Вольга Самусік.

Вольга мела праблемы з здароўем, але, падавалася, зусім не надавала гэтаму значэньне. "А я вось у больніцы некалькі дзён ізноў", - часам казала яна абсалютна бесклапотным голасам. Аказалася, што ўсё яшчэ як сур’ёзна. Апошні месяц яна праляжала ў шпіталі з вострым панкрэатытам. Фактычна не магла дыхаць, амаль увесь час у рэанімацыі. Ёй зрабілі тры апэрацыі, апошнюю ўначы з 6 на 7 сьнежня, але ня здолелі ўратаваць. Не прыходзячы ў сьвядомасьць дзяўчына памерла.

Разьвітаньне з Вольгай Самусік адбудзецца ў чацьвер, 9 сьнежня аб 11-й гадзіне па адрасе: Мінск, вул. Ракасоўскага, 40, 2 пад'езд.

Гэта біяграфія, якую Вольга сама напісала для аднаго з сваіх матэрыялаў на "Тузіне Гітоў" у 2006 годзе. Потым яна яшчэ сьпявала ў гурце Tarpach, у складзе якога перамагла на фэсьце "Рок-Кола" і атрымала званьне "рок-князёўны" на цырымоніі "Рок-Каранацыя-2008", затым была Hasta La Fillsta. Зусім нядаўна Воля казала, што думае над уласным музычным праектам.

"Нарадзілася я 7 студзеня 1985 году ў Менску ("першакрасавіцкі жарт у якасьці падарунка на Каляды"). У дзяцінстве пасьпела пазаймацца мастацкай гімнастыкай, плаваньнем, нейкімі ўсходнімі адзінаборствамі (праўда, зусім нядоўга). Як апафэоз — чатыры гады ў прафэсійным ансамблі эстраднага танцу. А на музыку бацькі неяк і забыліся. У сувязі з чым сьпявала сама: пад рып радыёпрыймача, "Рождественские встречи Аллы Пугачевой" і г. д. Эстэтыкі прагнула ня толькі душа, але і галава. Таму ў 2002-м паступіла ў БДУ на факультэт журналістыкі. Да гэтай пары актыўна супрацоўнічала з газэтамі "Народная воля", БДГ, "Белорусская молодежная"… У "Музыкальную газету" прыйшла ўвесну 2004-га. Жыцьцё ў журналістыцы не зашкодзіла жыцьцю ў музыцы. Абодва існавалі паралельна. Адзін з апошніх падарункаў лёсу і настойлівасьці характару — "пранікненьне" ў zygimont VAZA (непатопны айсбэрг беларускага року)…"

Біяграфіі заўжды маюць канец, але несправядліва, калі яны абрываюцца вось так…

Светлая памяць.

Комментарии: (0)   Рейтинг:
Пока комментариев нет